23-8_1З гімнастыкай у сына не зладзілася. Зала была занадта вялікая, а малы занадта актыўны, не мог супакоіцца, пакуль не аббягаў яе ўздоўж і ўпоперак. Карацей, карысці ад заняткаў было няшмат. У якасці альтэрнатывы пачалі шукаць спартыўныя секцыі. «Натрапілі» на ўсходнія адзінаборствы... Дарэчы, падчас заняткаў тут вывучаюць і гімнастычныя элементы. А яшчэ чула, што ў кожнага з відаў баявога майстэрства існуе свая філасофія, якая не развівае ў дзіцяці непатрэбнай агрэсіі. Завітала на заняткі (першы, як правіла, заўсёды бясплатны) у адзін з клубаў дзюдо
— Рэй! — гучна вітаецца трэнер клуба «Тыгр», майстар спорту міжнароднага класа (3-і дан) па дзюдо Аляксандр СЦЯШЭНКА з вучнямі, адзетымі ў белыя і сінія кімано, і робіць паклон. Тыя кланяюцца ў адказ. Так пачынаецца кожны занятак. Потым размінка: скачкі, кулькі, гімнастычныя практыкаванні — толькі паспявай. Адны дзеці адразу «ўключыліся» і старанна выконваюць каманды трэнера, другія — здаецца, толькі пасля школьных заняткаў — ніяк не могуць сканцэнтравацца, адцягваюцца на размовы. Але пачынаюцца парныя заняткі — адпрацоўваюць захопы, кідкі з такой хуткасцю! Тут ужо не да гаворкі. Спрацоўвае жаданне перамагчы. Або ты, або цябе.
23-7
Падчас трэніроўкі прыкмеціла хлопчыка. На выгляд гадоў 9-10, а такі сур'ёзны позірк. Ён упэўнена ўступаў у барацьбу, гэтак жа ўпэўнена перамагаў і заставаўся абсалютна спакойным знешне. Пасля заняткаў падышла пазнаёміцца. Аказалася, Даніла займаецца дзюдо ўжо чатыры гады, раней наведваў спартыўную секцыю, якая і сёння працуе на базе школы. Трэніроўкі прыносяць яму вялікае задавальненне, і ён марыць стаць прафесійным спартсменам.Затрымала ў дзвярах бацьку і маці, пытаюся: каго прывялі на заняткі? Горда кажуць, што Алісу.

Дзяўчынка займаецца дзюдо ўжо два гады. На пытанне навошта, бацька, не задумваючыся адказаў, што бачыць дачку ў будучыні ў прафесійным спорце, да таго ж для здароў'я карысна.
Увогуле, у клубе займаюцца хлопцы і дзяўчаты ад 4 да 16 гадоў. Зразумела, падыходы да груп адрозніваюцца. У самых маленькіх заняткі, як звычайна, праходзяць у гульнявой форме. «Пакажыце, як скача жаба, папаўзём, як прусак», — кажа трэнер. Маляняты яшчэ не вывучаюць сапраўдныя баявыя элементы, але трэніруюць лоўкасць, спрытнасць, гнуткасць. Пакуль што займаюцца ў звычайнай спартыўнай форме, праз год — пачнуць у кімано.

У старэйшых групах усё больш сур'ёзна. Практыкаванні з кожным разам ускладняюцца, а першасная задача — перамагчы саперніка любым дазволеным спосабам.

Заняткі ў клубе галоўным чынам накіраваны на аздараўленне, падтрыманне добрай спартыўнай формы дзяцей. На жаль, фізічнае здароўе многіх, хто прыходзіць упершыню, пакідае жадаць лепшага.

— Сучасныя дзеці вядуць маларухомы лад жыцця, — кажа Аляксандр Сцяшэнка. — Многія гадзінамі праседжваюць за камп'ютарамі і тэлефонамі. Адсюль слабасць цягліц, скрыўленне пазваночніка. Як ні дзіўна, але некаторыя дзеці не могуць прысесці, не тое што адціснуцца ці падцягнуцца. Але, калі ёсць жаданне і прыкласці намаганні, можна ўсё выправіць.

Акрамя аздараўлення, рэгулярныя трэніроўкі робяць дзяцей больш настойлівымі ў дасягненні мэт, дысцыплінаванымі, навучаюць захоўваць самавалоданне у стрэсавых сітуацыях.
Дзюдо прыйшло да нас з Японіі, назва перакладаецца як «мяккі шлях». Мяккі ні ў якім разе не значыць лёгкі. Галоўным чынам дзюдаісты імкнуцца дасягнуць фізічнага самаўдасканалення, духоўнай гармоніі і пастаянна развіваюцца інтэлектуальна.

— Насамрэч, каб стаць сапраўдным майстрам, трэба быць усебакова моцным, — сцвярджае трэнер. — На занятках вывучаем элементы гімнастыкі і акрабатыкі, трэніруем каардынацыю, практыкуем лёгкую атлетыку.
Такім чынам, паступова развіваецца цягавітасць, памяць. Не менш важнае для дзюдаіста аналітычнае мысленне.

— Калі ў звычайным жыцці сіла часта становіцца галоўным крытэрыем перамогі, то дзюдо вучыць тактыцы, прымушае думаць, бо хітрасць перамагае моц: паддайся, каб перамагчы, выкарыстай сілу праціўніка супраць яго самога — вось чым кіруюцца спартсмены, — падкрэслівае трэнер. — Біць можна навучыць любога, а каб навучыць змагацца, спатрэбіцца шмат часу.

Дарэчы, дэманстраваць сваю моц і навыкі ў барацьбе можна толькі ў спартыўнай зале, або калі адчуваеш пагрозу свайму жыццю — гэта вучні клуба ведаюць дасканала. Галоўнае — паставіць крыўдзіцеля ў бездапаможнае становішча, ніякай агрэсіі.

Не менш увагі трэнеры-дзюдаісты ўдзяляюць выхаванню сваіх вучняў. Не толькі кожная трэніроўка, але і паядынак пачынаецца з паклону — своеасаблівага вітання. Тым самым сапернікі паказваюць павагу адзін да аднаго, «абяцаюць», што не будуць выкарыстоўваць забароненых прыёмаў. Абавязковай лічыцца павага да трэнера, нельга яму пярэчыць, спрачацца з ім, за ім апошняе слова. Тое самае датычыцца і старэйшых людзей. Таксама ўвага ўдзяляецца чысціні, ахайнасці, бо займаюцца басанож.

Відавочна, усе гэтыя навыкі будуць на карысць любому дзіцяці ў будучыні, нават калі яно не стане спартсменам.

Дзюдо лічыцца адным з «самых дэмакратычных» відаў барацьбы, бо займацца ім можа амаль кожны, незалежна ад полу, узросту, памераў і складу характару.
Адсутнасць удараў робіць яго адным з найменш траўманебяспечных. Супрацьпаказаннямі для заняткаў могуць стаць захворванні сэрца, нырак, вачэй, паталогія шыйнага аддзела пазваночніка.

Возрастные группы:
1 группа 4-6 лет.
2 группа 7-9 лет
3 группа 10-16 лет
4 группа Взрослые
Мальчики и девочки, мужчины и женщины!
Телефон для справок +375293805920
2-ой Велосипедный переулок 36.
www.judoclub.by

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН
http://zviazda.by/be/news/20170222/1487775020-chym-ka..